Антанова


Вёска ў Велікарыцкім сельсавеце, у мінулым у складзе Радваніцкай воласці, затым гміны. За 25 км на поўнач ад Маларыты.
У 3 км на паўночны захад ад вёскі — 9 курганоў XII-XIII ст. ва ўрочышчы Панскае (або «Скопцы», «Шкопцы»),
У 1905 г. у вёсцы налічвалася 74 жыхары, у маёнтку 11 жыхароў, у 1921 г. 20 двароў, 144 жыхары, з іх 142 праваслаўныя, 2 католікі (вёска і фальварак); у 1930 г. 21 двор.
У 1998 г. 43 двары, 76 жыхароў.
(Памяць. Маларыцкі раён: гіст.-дакум. хроніка Маларыцкага р-на / рэд.-уклад. В.Р.Феранц. – Мінск : Ураджай, 1998. – 507 с.,[8] л.іл.)

На 1 студзеня 2020 года — 16 двароў, 23 жыхара.

У абрамленні сасновага бору стаіць невялікая, у адну вуліцу вёска Антанова. Пры ўездзе Вас сустракае крыж. Дарэчы, такія крыжы,  адмысловыя абярэгі вёсак, заўсёды ставіліся на ростанях і надавалася ім вялікая магічная сіла. Крыж,  дагледжаны, не закінуты. Хаця жывуць тут амаль адны старыя. Дажывае некалі спеўная ды працавітая вёска свой нялёгкі век. Пусцеюць хаты, зарастаюць пустазеллем агароды.  "Некалі Антанова лічылася самай працавітай вёскай, — так ахарактарызавалі населены пункт у Вялікарыцкім сельвыканкаме. – Развівалася жывёлагадоўля, стаялі фермы. Ды і зямля тут вельмі ўрадлівая".  Зразумела, што ні магазіна, ні іншых аб’ектаў сацкультбыту тут няма. Тры разы на тыдзень у Антанова заязджае аўталаўка. Жыве вёска сваімі няспешнымі спрадвечнымі клопатамі. Жыхары  яе прыбіраюць агароды, рупяцца, шчы­руюць на зямлі, нібы тыя пчолкі. 

    У самым пачатку вёскі знахо­дзі­ц­ца аграсядзіба пад аднайменнай наз­вай “Антанова”. Гаспадар – Андрэй Лаўранюк.  Папулярнасцю сядзіба карыстаецца ўлетку, а таксама, на выхадныя і ў святочныя дні. Прыязджаюць сюды турысты не толькі з нашай краіны, але і расіяне ды палякі. Зачароўвае гасцей  некранутая прыгажосць мясцовых краявідаў, лясы, што багатыя на ягады і грыбы, і цішыня, якая ахутвае ўсё наваколле, дае магчымасць адпачыць ад гарадской мітусні. Ідэя аб стварэнні сваёй аграсядзібы ў Андрэя Лаўранюка і яго сябра Сяргея ўзнікла даўно, калі яны яшчэ займаліся аўтасервісам. Каб рэалізаваць справу,  Андрэй нават пераехаў з Брэста жыць у вёску Антанова.

Адметнасць аграсядзібы ў тым, што ўсё тут зроблена ўлас­нымі рукамі майстравітага гаспадара. На трох гектарах зямлі размясціліся два ўтульныя домікі для гасцей, побач выкапана саджалка, у якой плавае рыба. Гаспадары вырошчваюць экалагічна чыстую прадукцыю, як у адкрытым грунце, так і ў цяпліцах. На падворку ходзяць парсюкі, куры, качкі. Дворык добраўпарадкаваны стыльна і з густам. Нічога лішняга тут няма. Драўляная альтанка, накрытая чаротам,  ветліва запрашае ў сваю прахалоду. Нават не верыцца, што на месцы аднаго з гасцявых домікаў раней стаяла пуня. У хаце, дзе ўсё стылізавана пад даўніну, прыемна адпачываць. З натуральнага дрэва змайстравана мэбля. Нават люстра і тая зроблена ў выглядзе драўлянага кола.

Ёсць нейкая невыказная зачараванасць у вераснёўскай цішыні, якая надвячоркам апускаецца над вёскай, запальваючы на небасхіле першыя зоркі-знічкі. У Антанове працягваецца сваё размеранае, немудрагелістае жыццё, дзе ў простай ісціне занатаваны ўвесь сэнс існавання ўсяго жывога на зямлі.


Антанова.jpgант.jpg


                                                               Бібліяграфічны спіс


Касцевіч, І. Прастор для душы / Ірына Касцевіч // Голас часу. — 2014. — 22 лістапада. — С. 3.

Яцура, Н. Антаноўскія падрадчыкі / Надзея Яцура // Голас часу. — 2014. — 15 лістапада. — C.3.
 
Яцушкевіч, К. Дзяцінства, знявечанае вайной / Кацярына Яцушкевіч // Голас часу. — 2017. —  11 кастрычніка. — С. 6.
   89-гадовая жыхарка вёскі Антанова Маларыцкага раёна Вольга Аляксандраўна Чарняк — дзіця Вялікай Айчыннай вайны. Яе ўспаміны аб вайне.

Яцушкевіч, К. Наперад у мінулае / Кацярына Яцушкевіч // Голас часу. — 2017. — 4 кастрычніка. — С. 4.


Назад