У 1998 г. 82 двары, 229 жыхароў.
Памяць. Маларыцкі раён: гіст.-дакум. хроніка Маларыцкага р-на /
рэд.-уклад. В.Р.Феранц. – Мінск : Ураджай, 1998. – С. 516.
З-за дзяўчыны вёска пайшла так называцца. Потым ужо перайначылі яе на Заазёрную. Усе так з Богам ды з рэлігіяй змагаліся, што хацелі – тое і рабілі: цэрквы руйнавалі, склады розныя ў іх размяшчалі, а то і проста пакідалі зеўраць пустымі дзвярыма ды вачніцамі вокнаў.
Некалі тут распаўсюдзілася такая жудасная і страшная пошасць, што не было тае хаціны, не траплялася тае сям’і, каб не ляжалі покатам нябожчыкі. Князь мясцовы дачуўся пра такую бяду і знайшоў своеасаблівае выйсце: загадаў свайму шматлікаму войску акружыць гаротную вёску. Калі хто-небудзь спрабаваў прайсці праз густую заставу, яго прымушалі павярнуць назад, туды, дзе гаспадарыла смерць, калі ж чалавек пачынаў прасіцца ці настойваць на тым, каб яго прапусцілі, то бедалагу забівалі. Можна гаварыць, што жорстка паступаў мясцовы ўладар, але, з іншага боку, і яго можна было зразумець. Уявіце сабе: лекаў ніякіх няма, як лячыцца ад страшнай хваробы – ніхто не ведае. Таму, калі б зараза пашыралася, то вымерла б значна большая колькасць людзей.
Цяжкае склалася становішча. Заставы стаяць, а сярод вояў, былі ж і тыя, хто сам родам пайшоў адсюль, у каго ў вёсцы засталіся блізкія і родныя. Са слязьмі на вачах выконвалі яны загад, але нічым дапамагчы не маглі. У вёсцы ж што ні дзень, то плакалі ўсё меней і меней. Зразумела – жыхары выміралі. Хавалі іх непадалёку ад паселішча, на ўзгорку.
Прайшоў усяго там нейкі тыдзень-другі, і ўсе змірыліся з лёсам. Раз неба адвярнулася, то і на лёс ужо спадзявацца не даводзілася.
Але не неба і не лёс прынеслі ім збавенне. У гэтай самай вёсцы жыла маленькая яшчэ дзяўчынка Ганначка. Іхняя хаціна стаяла крыху ўбаку ад астатніх будынін сялян. Бацька на зямлі шчыра працаваў, як і астатнія, а матуля крыху разбіралася ў лекавых раслінах і, нават, як сцвярджалі жанчыны, магла варажыць і рабіла гэта даволі ўдала. Калі дзіця якое хварэла, або змяюка кусала каго, ці вочы чорныя глянулі па-дрэннаму, то яна ўсё такое лёгка адводзіла. Але як пошасць найшла, дык Ганніна матуля адразу і захварэла. Гарэла ўся, нібы на вогнішчы яе палілі, трызніла, кідалася на палку – глядзець на ўсё гэта было немагчыма.
Паціху плакала, у кут забіўшыся, дзяўчынка, ды муж цяжка ўздыхаў.
Неяк пад раніцу хворай стала лягчэй і яна ачнулася. Паклікала знямоглым голасам сваю дачку:
- Ганначка... Крывіначка мая родненькая, дзе ты?
- Я тут, мама, - адказала тая і памкнулася было да хворай падбегчы.
- Не, не, - запярэчыла жанчына, - сядзі там. Бліжэй не падыходзь, бо і на цябе хвароба адразу перакінецца. Сядзі там... А тата дзе?
- Тут я, тут. Не палохайся, - сказаў гаспадар.
- Як ты сябе адчуваеш? - задала і яму пытанне хворая.
- Нешта галава шумець пачынае, калені трымцець сталі, есці зусім не хочацца, толькі піў бы, здаецца, дый годзе…
- Гэта яна, хвароба, і да цябе падбіраецца. Таму, пакуль яшчэ ёсць сілы, ідзі за гарод і насячы ядлоўцу. Ім трэба абкурваць усе навокал. Менавіта гэтая расліна мае жыццесцвярджальную сілу. Ганначку беражы, каб хоць яна жывою засталася. Глядзі, не давай дакранацца ні да мяне, ні да сябе. Хай сядзіцъ ля ядлоўцавага вогнішча і нікуды не выходзіць. Зараз ідзі за ядлоўцам, - прамовіла гаспадыня, - не цягні час, бо невядома, што можа здарыцца ў бліжэйшы дзень…
Мужчына, пахістваючыся, пайшоў.
- Ганначка, - зноў паклікала хворая.
- Што, мама? - адказала тая, ужо прыцішана седзячы на зэдліку ля самай печы.
- Ганначка... Ты толькі беражыся, каханенькая мая. Не давялося нам з татам дачакацца таго радаснага дня, калі ты пад шлюб пойдзеш. Не давялося... Унукаў сваіх не пабачым. А гэтак хацелася пажыць даўжэй. У нас жа ўсё добра ў сям’і было. Сама ж бачыла - ніколі слова благога адно аднаму не сказалі. Але доля ўжо ў нас такая гаротная... Беражыся, дачушка. Да нас блізка не падыходзь і не дакранайся. Тату скажы, каб ваду піць мне паставіў ля ложка. Сама нічога кранаць тут не ўздумай. На вуліцы болей сядзі, там, дзе ядлоўцавае вогнішча будзе гарэць. Абкурвайся ім смела. Не палохайся нічога. Калі я памру, то з хаты мяне выцягваць не трэба. Тут памру, тут мне і магіла. Тату я сама скажу, можа, яшчэ дачакаюся.
- Мама, а ад чаго гэта ўсе пачалося? - ціхенька перапытала хворую Ганначка. - Раней жа не было нічога такога.
- Гэта, дачушка, адна варажбітка напусціла такі паморак. Ты яе ведаеш. Яна жыве ў нашай вёсцы. 3 таго канца, перадапошняя хата. Старая такая, згорбленая. Нікуды не ходзіць, толькі на прызбе сядзіць ды злосна зіркае па баках. Яна гэта і зрабіла. Цяпер невядома, чым усе скончыцца, пакуль гэтая варажбітка не памрэ. Сваёю ж смерцю не памрэ, гадаўка, - выдыхнула жанчына.
- А як яе можна са свету звесці? - запыталася Ганначка.- Я ўсё зраблю, ycіx выратую. Не глядзі, што я такая маленькая. Дзеля астатніх на ўсе пайду...
- Такую можна забіць толькі срэбнай куляй з ружжа. Зарадзіць добра і, выбраўшы момант, дакладна стрэліць. Потым ужо людзям распавесці, што целы памёршых лепей за ўсё не хаваць у зямлю, а спальваць на месцы, разам з будынкамі. Калі ўсе мінецца, то новую вёску трэба будаваць, далей ад гэтага заклятага месца. Стрэльба татава вунь на сцяне вісіць. Ты ў яго папрасі, каб зарадзіў табе ды паказаў, як карыстацца, інакш і іншым не дапаможаш, і сябе са свету звядзеш, бо старая не даруе няўдалага замаху на свае жыццё. Трэба ўсе дакладна зрабіць…
Далей маці ўжо не гаварыла. Мабыць, зноў страціла прытомнасць і зайшлася ў бяспамяцтве.
Неўзабаве прыйшоў бацька, распаліў вогнішча, і Ганначка села на дымным баку. Яна распавяла тату пра тое, што гаварыла маці, і папрасіла зарадзіць стрэльбу. Той нічога не адказаў. Моўчкі пайшоў у хату і, вярнуўшыся, паставіў зараджаную стрэльбу супраць дыму, каб таксама абкурылася.
- Пайду, дачушка, і я лягу, нешта надта мне дрэнна стала. Не магу ўжо хадзіць. Калоціць усяго, трасе так, што зараз зубамі ляскаць пачну. Ты глядзі, міленькая, рабі ўсе так, як мама цябе навучала. Нічога не парушай, бо гэта можа прывесці да смерці.
Заплакала дзяўчынка ўголас, адчувала, што ніколі ўжо болей не пабачыць сваіх бацькоў, што не пераступіць парог роднай хаты, бо там і надалей будзе гаспадарыць смерць.
Узяла стрэльбу і, хаваючыся, пачала прабірацца да двара старой варажбіткі. Схавалася за плотам, прылаўчылася і стала чакаць. Доўга не было той гадаўкі, але нарэшце паказалася ў дзвярах. Стала на ганку і, шырока ўсміхнуўшыся, вымавіла:
- Так вам і трэба, злыдні, а то весяліцца яны будуць, песні спяваць...
У гэты самы момант Ганначка і стрэліла. Варажбітка, нібы падкошаная, гопнулася долу. Счакаўшы яшчэ колькі часу, дзяўчынка падышла да забітай. Куля трапіла ей прама ў вока. Але што самае дзіўнае - з галавы цякла не кроў, а.... чорная смала.
Пабегла Ганначка па вёсцы раскладваць ядлоўцавыя вогнішчы ды выклікаць здаровых людзей да іх, каб сядзелі і пакутліва вытрымлівалі едкі дым, бо іначай нельга было ўратавацца. Гэтак, можа, чалавек з дзесяць назбірала. Калі ачунялі трохі, то пачалі паліць будыніны. Высока ў неба пацягнуліся слупы чорнага, смяротнага дыму.
Воі на заставах у страху жагналіся, бо не ведалі, што там робіцца, баяліся крок лішні ў накірунку да палаючых будынін зрабіць.
Новую вёску людзі пачалі будаваць далей ад таго месца, дзе была старая, і назвалі яе Ганнаспасская, у гонар дзяўчынкі, якая здолела ўратаваць іхнія жыцці ў безвыхадным становішчы.
Ганнаспасская (Заазёрная)// Брэстчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / Склад., запіс., апрац.: А.М. Ненадаўца.- Мн.: Беларусь, 1995.- С. 16-19.- (Мой родны кут)