Перавісь


Вёска ў Арэхаўскім сель­савеце, за 23 км на поўдзень ад Маларыты. Згадваецца ў 1546 і 1586 гг. як урочышча. У 1905 г. 10 жыхароў. Працуе філіял Кобрынскага камбіната будаўнічых матэрыялаў. 
У 1998 г. 28 двароў, 65 жыхароў.

Памяць. Маларыцкі раён: гіст.-дакум. хроніка Маларыцкага р-на /
 рэд.-уклад. В.Р.Феранц. – Мінск : Ураджай, 1998. –  С. 526. 


Самая крайняя кропка Маларыцкага раёна – невялічкая вёсачка Перавісь, што згубілася сярод лесу ля  беларуска-ўкраінскай мяжы. Як паведамілі ў Арэхаўскім сельвыканкаме, да якога і адносіцца населены пункт, сёння ў Перавісі пражывае ўсяго толькі 21 чалавек. Мужчын у вёсцы больш, чым жанчын, ажно адзінаццаць, сем з іх у працаздольным узросце. Зараз цяжка паверыць, што паўстагоддзе таму тут віравала жыццё, на вуліцах гучалі дзіцячыя галасы, працавала пачатковая школа і магазін. Яшчэ ў 1999 годзе ў Перавісі было 63 жыхары. Цяпер большасць хат пустуе. Старэнькія і пахіленыя, яны сваімі  сляпымі вокнамі ўглядаюцца ў маўклівую немату вуліцы, нібыта, чакаюць сваіх гаспадароў. Заблукаць у Перавісі немагчыма, тут усяго адна вуліца з сімвалічнай назвай Цэнтральная. Вакол вёскі лес. Усюды стаяць знакі, якія нагадваюць, што гэта прыгранічная зона. У ле­се, без спецыяльнага пропуску збіраць грыбы ці ягады забаронена. У 500 – метрах ад Перавісі —  беларуска-ўкраінская граніца. Пагранічнікі часта наведваюцца ў вёску. Таму да ўсіх прыезжых, нетутэйшых у мясцовых насцярожаныя адносіны. Няшмат жыхароў засталося ў гэтай малой вёсачцы, але яны стараюцца падтрымліваць адзін аднаго, дапамагаць па магчымасці адзін аднаму, і гэты шчыры клопат пра суседзяў-аднавяскоўцаў зрабіў іх па-сапраўднаму блізкімі людзьмі. Яны адданыя сваёй малой радзіме і мараць, каб над ёй, як і над усёй нашай Беларуссю, заўсёды было мірнае неба, а кожны ранак пачынаўся шматгалоссем птушынага хору.

Пракапук, Г. Чым жывуць сёння жыхары вёскі перавісь. – Голас часу, 2024, 18 верасня

перавись.jpgПеравись1.jpg





Назад