Островье


Вёска ў Чарнянскім сельсавеце, за 24 км на паўночны ўсход ад Маларыты. У 1905 г. — маёнтак Астравок Верхалескай воласці, 38 жыхароў. У 1921 г. — калонія Астроўе Навасёлкаўскай гміны — 7 двароў, 36 жыхароў, з іх 31 праваслаўны, 5 католікаў.
У 1998 г. 7 двароў, 8 жыхароў.

Памяць. Маларыцкі раён: гіст.-дакум. хроніка Маларыцкага р-на /
рэд.-уклад. В.Р.Феранц. – Мінск : Ураджай, 1998. – С. 509.


Назва вёскі звязана з прыроднымі ўмовамі. Мясцовасць, дзе ўзнікла веска, была ўся ў востраўках, а навокал было балота.                                                   

(Са слоў старажылаў) 

Праз некалькі кіламетраў ад Субат – Астроўе, у тым жа Чарнянскім сельсавеце. Тут таксама толькі дзве “магіканкі”. Адна з іх – Ксенія Мароз – у квяцістай хусцінцы ветліва сустрэла на сваім агародзе – палола градку, дзе пасаджана гародніна. Не была б і гэта сельская натура: учора жанчыне вырвалі зуб, распухла шчака, але яна з матыкай завіхалася на і так ужо дагледжаным участку. У апусцелай вёсцы ўсё яшчэ адчувае сябе гаспадыняй – трымае курэй, качак, садзіць усялякую гародніну.
— Усё б добра, — кажа Ксенія Фёдараўна, — толькі вось букет хвароб прыдбала.
Пра што шкадуе жанчына з такім прыгожым імем? Вядома, не аб пражытых гадах, не пра тое, што ў вёсцы цяпер жыве адна – 8 гадоў таму аўдавела. Значыць, так склалася. Мабыць, толькі аб тым, што нямала адпрацавала даяркай, а пенсію зусім невялікую атрымлівае.
— Ды і яе хапала, а вось як толькі хваробы пачалі напамінаць пра сябе больш актыўна, а лякарствы дарагія, адчула, што не хапае пенсіі.
Але засмучацца Ксенія Фёдараўна не збіраецца. Родныя людзі не дадуць прапасці: адзіная дачка, унучка і праўнучкі наведваюцца часта, і ў бальніцу адвязуць, і лякарствы прывязуць, і халадзільнік не пусты. А аўталаўка дык тры разы на тыдзень сігналіць.
— Яшчэ не паспеў тое з’есці, як табе ўжо свежыя прадукты даставяць у двор. Мабыць, і два разы хапіла б, — не то жартам, не то ўсур’ёз гаворыць Ксенія Фёдараўна.
Дому, у якім жыве жанчына, ужо 80 гадоў. Ён не падобны на дамы звычайнай вясковай архітэктуры, зрэшты, як і тыя два, што стаяць побач. Падобныя на панскія, што будаваліся ў панскіх сядзібах.
— А яно так і ёсць, — развявае сумненні гаспадыня. – Гэта дом майго свёкра, які быў багаты, атрымаўшы спадчыну ў 30-я гады мінулага стагоддзя з-за акіяна. Побач будаваліся брат і сястра свёкра. Адзін пакой з чатырох у нашым доме вельмі вялікі – у ім павінна была быць школа. Два дамы побач ужо выкупілі дачнікі. У адным з іх, чула, што нібыта музей збіраюцца зрабіць. А які, не ведаю…
Чуткі гэтыя могуць мець пад сабой падставу. Хутчэй за ўсё яны звязаны з гістарычнай асобай – Рамуальдам Люд­вікавічам Траўгутам, які жыў у 1862 годзе ў Астроўі ў сваім маёнтку, на тэрыторыі якога і пабудаваны гэтыя дамы. У парку за імі захаваліся дрэвы, якія акружалі невялікае азярцо. Мабыць, сюды і будзе пракладзены новы турыстычны маршрут.

Голас часу.  2014.  9 ліпеня (№9).  С. 5.

     


Назад