Олтуш


Паходжанне назвы Олтуш (некалькі легенд і версій):

Адна з легенд расказвае пра тое, што некалі ў нашым краі пасяліўся дзяк Еўтух. Быў ён чалавек вельмі мудры і адукаваны. І да яго часта звярталаліся за парадай людзі з навакольных вёсак. І нават, калі ўзнікала нейкая іншая патрэба, каб наведаць нашу вёску, людзі казалі: “пайду да Еўтуха”. Так за вёскай і замацавалася назва “Еўтуш’е”, якая з цягам часу асеміліравалася ў назву “Олтуш”.

Зразумела, гэта толькі легенда. але быў час, калі гэтая версія была мала што не адзінай. Таму вельмі хочацца звярнуць  увагу на тое, што тут некалькі спрошчана падаюцца моўныя працэсы. Па законах мовы, хутчэй назва “Олтуш” магла стаць назвай “Еўтух”, чым наадварот. Нам не сустракалася ніводнага прыкладу ў мове, каб гук [ў] быў заменены на гук [л]. Наша заходне-палеская гаворка хучэй наадварот замяняе [л] на [в]. Старыя людзі і па сённяшні дзень кажуць: “Пойду до Овтуша”. Жыхароў нашай вёскі называюць “овтушці”.

Уплывам рускай мовы гэту з’яву таксама нельга патлумачыць. Нават у дакументах Вялікага Княства Літоўскага  ўпамінаецца  Олтушскае возера менавіта як “Олтушскае”: “Каторая мяжа тае Кабылкі да возера Олтушскага, а ад возера Олтускага да возера Арэхаўскага”, а жыхары нашай вёскі – олтушцы: “… і паведамілі, што на той сасне былі межавыя знакі, аднак іх высяклі олтушцы…”

Другая легенда расказвае пра князя Олтуша, які, уцякаючы ад ворагаў, прывёў сюды свой народ. “І спадабаліся князю Олтушу гэтыя мясціны: возера, поўнае рыбы, лясы, поўныя звяроў, лугі з высокімі травамі. І вырашыў князь абаснавацца тут са сваім народам. Але ворагі высачылі князя з яго людзьмі. І выйшаў князь на бой, і быў забіты. А возера тое, на беразе якога біўся князь, назвалі ў яго гонар Олтушскім. А вёску сваю назвалі прышлыя людзі Олтуш, так, як звалі іх князя”.

Цікава, што гэтая легенда нагадвае  версію навукоўцаў, зыходзячы з якой назва Олтуш ідзе з пермскай мовы.

Беларускі вучоны Іван Ласкоў прытрымліваецца гіпотэзы, што продкамі беларусаў былі не славяне і нават не балты, а фіна-ўгорскія плямёны, роднасныя сучасным комі,  комі-пермякам і удмуртам. Падставы для такіх меркаванняў яму даюць лінгвістычны аналіз многіх беларускіх тапонімаў, некаторыя асаблівасці фанетыкі і лексікі беларускай мовы. Так, напрыклад, у комі-пермяцкай мове ёсць заўсёды мяккі гук [дз’], заўсёды цвёрды гук [дж], і нават іх гук [в] акустычна блізкі да нашага [ў]. Да таго ж у беларускай мове, сцвярджае І. Ласкоў, ёсць сотні пермяцкіх слоў: шурпаты, шэрань, бадыль, багна і г.д.

Як сведчаць гістарычныя дакументы, яшчэ ў 12 стагоддзі на берагах ракі Олт (прыток Дунаю, Румынія) існавала вобласць літва. На шляху ад  Олта да Беларусі сустракаецца немала пермскіх гідронімаў. А значыць, заключае І. Ласкоў, племя літва прыйшло ў Беларусь з берагоў ракі Олт.

Олт у перакладзе “балоцісты балотны”, а літва – “балотнае племя”. Такім чынам, жывучы на балотах па Дунаю і Олту, “літва” і ў Беларусі заняла балоцістую мясцовасць.

Да пачатку 14 ст. летапісная літва поўнасцю славянізіравалася. Этнонім літва поўнасцю пераходзіць спачатку на аўкштайтаў, а затым на жамойтаў. А на тэрыторыі Беларусі так і засталіся назвы з асноваю – олт: Олтуш, Олта, Волта.

Сувязь гэтых назваў з Олтам прызнае і вядомы беларускі тапаніміст В. А. Жучкевіч.

Назва возера Арэхаўскае пайшло ад назвы ракі Ор.

Возера мае наступныя мікрагідронімы:

Конскае – так называлася месца, дзе па лягендзе пан мыў коней.

Шчучча – месца, дзе вадзілася многа шчупакоў.

Пляж – месца купання. Назва ўзнікла ў савецкі час.

Пясочнае – пясчанае месца, дзе не расла трава.

Гнілая рэчка –  болоцістая мясцовасць, якая знаходзіцца недалёка ад возера, пачатак рэчкі Рыты. Старажылы расказваюць, што людзям, якія не ведалі гэтай мясціны, не ўдавалася выбрацца адтуль жывымі, калі туды пападалі.

Камень – так называлася частка возера, дзе з-пад вады выглядаў камень. Пра гэтае месца існуе такая легенда. У далёкія часы, калі нашымі землямі валодалі паны,  жылі  побач два пана-суседа: Арэхаўскі і Олушскі пан. Зышліся яны неяк па-суседскі пасядзець, выпіць віна ды пагуляць у карты. Сталі яны гуляць у карты на грошы. Тут арэхаўскі пан ставіць свае грошы – і ўсе прайграе. А адыграцца хочацца. Дастае свае залатыя часы, кажа: “Давай вось на гэта”. Ну Олтушскі пан згаджаецца, гуляюць – і тут Арэхаўскі пан і часы прайграе. У кішэнях пуста, але ж не хочацца ісці дамоў проста так! Думае ён, што яшчэ можна паставіць на гульню. Думаў, думаў ды гаворыць суседу: “Аддавай усе мае грошы, а я стаўлю палову Арэхаўскага возера!”. Бачыць сусед, што Арэхаўскі пан на ўсё гатовы, і гаворыць: “А, давай”.

Селі гуляць апошнюю партыю і зноў пан Арэхаўскі прайграе. Гора, канешне, так прайграцца, але слова шляхціча  мацней, чым тое гора. Прыйшлося аддаваць Олтушскаму пану палову возера свайго. Толькі пытанне – як падзяліць возера? Тут адказ прыйшоў камусьці на  розум – а давайце межавым знакам паставім пасярод возера вялікі валун? Нічога не паробіш – неяк зацягнулі той валун на возера, ды паставілі. Тая частка возера, што злева ад камня  – засталася Арэхаўскаму пану, а справа – Олтушскаму. Праўда то было ці не, але і зараз стаіць на возеры камень, які выглядае з-пад хваляў возера.

Олтушская – прыстань, якая знаходзіцца са стараны аграгарадка Олтуш.

Воласці – назва пайшла ад слова “власці”. Так назвалі тую старану возера, з якой  знаходзіліся “власці” (улада).

Сухое – самае высокае месца, дзе заўсёды было суха.

Назва возера Олтушскае  пайшло ад назвы ракі Олт (Глядзі айконім Олтуш).

Возера мае ў сваю чаргу некалькі мікрагідронімаў:

Лёса – даўней гэтая частка мела назву плёс, што азначае плаўны выхад з возера.

 Гыбала – гіблае месца. Тут было двайное дно. Па другой версіі: у гэтай мясцовасці жыла птушка Гыбалка.

Камень – так называлася частка возера, дзе відны былі з-пад вады тры вялікія камяні, якія, нажаль, сышлі пад ваду.

Шнуры – гіблае месца, дзе вадзілася многа рыбы. Рыбакі пры дапамозе шнуроў ставілі сеткі і гэтак жа іх здымалі.

Серабранка – месца, дзе вада была вельмі чыстай і нагадвала срэбра.

Папоўская -  прыстань каля папоўскай хаты.

Возера Дварышчанскае атрымала сваю назву ад назвы вёскі Дворышча, што стаіць на яго беразе. Аднак на польскіх картах (гл. Дадатак 1) яно пазначана як возера Малое. Думаецца, што гэтую ранейшую назву яно атрымала за свае памеры (асабліва ў параўнанні з Олтушскім возерам).

Дрымонімы прадстаўлены назвамі лясоў Паўлы, Махі і Арэхаўская.

Паўлы – лес каля самай вёскі Олтуш. Некалі адзін з паноў, па імені Павел, пасяліўся ў лесе і  пабудаваў там цагельню. Таму гэтая частка лесу так і завецца Цагельня.

Недалёка ад Цагельні вялася распрацоўка гліны. Але мясцовасць была балоцістая, і некалькі чалавек прапала. Месца пачалі называць Чортава Балота.

Лес Махі знаходзіцца каля вёскі Мікольская. Названы ён так таму, што месца было мокрае, багністае, і мох рос высокі, мала што не да калена.

Лес Арэхаўская мае такую назву з-за таго, што некалі там праходзіла дарога да вёскі Арэхава. Уся астатняя мясцовасць паміж вёскамі была забалочана.

Гэты лес мае свае мікрадрымонімы:

Крымэнка – ёсць сведчанні, што каля вёскі Олтуш часта знаходзілі   крамянёвыя наканечнікі коп'яў, мноства дробных апрацаваных крамянёў — разцы, нажы. Таму мы прапануем сваю версію гэтай назвы: магчыма менавіта тут гэтыя рэчы знаходзілі найчасцей. Адсюль і назва.

Сова  –  на гэтым месцы было раней балота, дзе можна было часта пачуць гуканне соў.

Пархомук Оксана Владимировна, учитель белорусского языка и литературы ГУК "Олтушская средняя школа"

 


назад