7 Июня 2017
Акцыя “Чытаем разам Францыска Скарыну”, прымеркаваная да 500-годдзя з дня выхаду ў свет першай беларускай друкаванай кнігі



Раённая бібліятэка працягвае цыкл мерапрыемстваў, якія прымеркаваны да 500-годдзя з дня выхаду ў свет першай беларускай друкаванай кнігі. 6 чэрвеня прайшла акцыя “Чытаем разам Францыска Скарыну”, якую правяла Валянціна Ібрагімава, загадчыца аддзела абслугоўвання.

Навучэнцы прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці ўбачылі на фотаздымках, напрыклад, як выглядала друкарня, дзе ў ХVІ стагоддзі з’явіліся на свет беларускія кнігі, прынялі ўдзел у інтэрактыўнай гульні “Францыск Скарына: шлях асветніка”, пагарталі першыя 5 тамоў з факсімільнага выдання поўнага збору кніг Францыска Скарыны пад назваю “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”, дзе змяшчаюцца кнігі: “Быццё”, “Выхад”, “Лявіт”, “Лічбы”, “Другі закон”. Выданні Ф.Скарыны — гэта своеасаблівая нацыянальная святыня. Мы пра іх шмат чуем, чытаем, згадваем са школы. Аднак, ці многія іх бачылі, гарталі, трымалі ў руках? Цяпер такая магчымасць ёсць ва ўсіх, у каго ўзнікае такое жаданне. Для гэтага дастаткова прыйсці ў чытальную залу раённай бібліятэкі.
Падчас мерапрыемства ліцэісты таксама даведаліся, што Францыск Скарына ўвайшоў у гісторыю нашай дзяржавы не толькі як першадрукар, але як мецэнат і вучоны, асветнік і гуманіст, паэт і медык, філосаф і мастак, а яшчэ - батанік, астраном, перакладчык. Валянціна Піліпаўна нагадала, у якіх краінах свету пастаўлены помнікі нашаму слыннаму суайчынніку.
Падчас сустрэчы не раз выказвалася думка аб тым, што спадчына Ф.Скарыны — гэта наш нацыянальны скарб, які трэба берагчы, дасканала вывучаць. Выданні яго праваслаўныя па змесце і звернуты найперш да духоўных патрэб праваслаўнага насельніцтва Беларусі. Ф.Скарына імкнуўся ў простай і зразумелай форме каменціраваць біблейскія тэксты, падаваць звесткі аб гістарычных, побытавых, багаслоўскіх, моўных абставінах і рэаліях. Кнігі нашага першадрукара прызначаліся для прыватнага і сямейнага чытання, выкарыстання ў царкоўных службах і свецкіх бібліятэках.
Закончылася сустрэча цытаваннем мудрых і пранікнёных слоў Францыска Скарыны, якія даносяцца да нас з XVI стагоддзя як запавет нашчадкам: “Любiце кнiгу, бо яна — крынiца мудрасцi, ведаў i навукi, лекi для душы”. 


_DSC0477.JPG
_DSC0464.JPG
_DSC0473.JPG
_DSC0467.JPG
_DSC0474.JPG
_DSC0475.JPG